Фонд ім. Конрада Адэнаўэра (ФКА) – гэта палітычны фонд, набліжаны да Хрысціянска-дэмакратычнага саюзу Германіі (ХДС). Як адзін з сузаснавальнікаў ХДС і першы канцлер ФРГ сп. Конрад Адэнаўэр (1876-1967) спалучаў хрысціянска-сацыяльныя, кансерватыўныя і ліберальныя традыцыі. Яго імя звязанае з дэмакратычным узнаўленнем Германіі, прыналежнасцю да трансатлантычнай супольнасці ў знешняй палітыцы, ідэяй еўрапейскага адзінства і арыентацыяй на сацыяльную рынкавую эканоміку. Яго духоўная спадчына для нас і надалей з’яўляецца адначасова і задачай, і абавязкам.
Мы грунтуем нашае супрацоўніцтва на еўрапейскім і міжнародным узроўні на імкненні даць людзям магчымасць самарэалізоўвацца і жыць у свабодзе і годнасці. Арыентуючыся на гэтыя каштоўнасці, мы робім свой унёсак у тое, каб Германія адпавядала сваёй адказнай ролі ў свеце.
Мы намагаемся натхніць людзей будаваць сваю будучыню, кіруючыся гэтымі каштоўнасцямі. Праз больш як 80 офісаў і праектаў у больш чым 100 краінах свету мы робім свой унёсак у падтрымку міру і свабоды. Мы вядзём няспынны дыялог у сферы знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі, а таксама падтрымліваем кантакты паміж культурамі і рэлігіямі.
У цэнтры для нас стаіць чалавек са сваёю годнасцю, сваімі правамі і абавязкамі. Ён для нас – першапачатак. Збіраючы разам людзей, якія прымаюць на сябе грамадскую адказнасць, мы ствараем актыўныя сеткі кантактаў у сферы палітыкі, эканомікі і грамадства. Нашае кіраванне ведамі ў палітычнай сферы павялічвае шанцы на сацыяльна справядлівы, экалагічна адказны і эканамічна эфектыўны працэс глабалізацыі.
Мы супрацоўнічаем з дзяржаўнымі ўстановамі, партыямі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, а таксама з асобнымі прадстаўнікамі элітаў. Грунтуючыся на нашых мэтах і каштоўнасцях, мы імкнёмся і ў будучыні паглыбляць палітычнае супрацоўніцтва на рэгіянальным і глабальным узроўнях, асабліва ў галіне падтрымкі краінаў, што развіваюцца. Разам з нашымі партнёрамі мы робім свой унёсак у стварэнне міжнароднага парадку, які дазваляе кожнай краіне развівацца свабодна і самастойна.
У Беларусі Фонд ім. Конрада Адэнаўэра вядзе дыялог з усім грамадствам. Мы хочам падтрымаць і ўзмацніць двухбаковыя зносіны Рэспублікі Беларусь з Федератыўнай Рэспублікай Германія і Еўрапейскім Звязам. Мы імкнемся да таго, каб Беларусь заняла актыўнае, самастойнае і пачэснае месца ў еўрапейскай супольнасці дзяржаваў. Мы успрымаем сябе як фабрыку думак і будаўніка мастоў паміж Беларуссю і ЕЗ, які адкрывае палітычныя магчымасьці, спрыяе ўзаемадзеянню і абмену.
Для дасягнення гэтых мэтаў ФКА праводзіць, у тым ліку, адукацыйныя мерапрыемствы і кансультацыі, а таксама праграмы дыялогу і інфармацыйныя праграмы ў Беларусі, Літве, Германіі і ў Брусэлі. З аднаго боку, мы інфармуем мэтавыя групы ў Беларусі аб палітыцы, эканоміцы і грамадстве ў Германіі і Еўропе. З іншага, палітыкі і грамадства ў Еўропе праз нашыя артыкулы і праз нашую працу ў сацыяльных сетках даведваюцца аб развіцці Беларусі. На канферэнцыях і семінарах ў Беларусі мы вядзем дыялог аб істотных пытаннях, што маюць вырашальнае значэнне для будучыні Рэспублікі Беларусь. Асобных студэнтаў і аспірантаў з Беларусі мы падтрымліваем праз нашую маштабную стыпендыяльную праграму.
Да нашых партнераў у Беларусі належаць дэпутаты, палітычныя актывісты, сябры ўрада і супрацоўнікі адміністрацыі на ўсіх дзяржаўных узроўнях, прадстаўнікі эканомікі (прадпрыемствы і эканамічныя саюзы), журналісты, прадстаўнікі і ўласнікі медыяў, эксперты і прадстаўнікі фабрык думак, наўрадавыя і ўрадавыя арганізацыі, даследчыкі, прафесары, выкладчыкі і настаўнікі з разнастайных навучальных устаноў, а таксама моладзь, студэнты і навучэнцы.