Другі выпуск палітычных коміксаў ілюструе на 12 старонках, як развіваліся падзеі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Палітычныя рэпрэсіі, валютны і эканамічны крызіс, тэракт ў метро апісваюцца ў дзьвух версіях: першая – так, як іх падае дзяржаўная машына прапаганды; другая – як аб іх пішуць незалежныя СМІ і грамадзянскія журналісты.
Аўтар графічнай навелы – Марына Напрушкіна, беларуская палітычная мастачка і актывістка, якая жыве і працуе ў Берліне. Графічная навела – частка праекта Напрушкінай “Бюро контрпрапаганды”, які прысвечаны аналізу механізмаў палітычнай прапаганды. Яе ідэя палітычных коміксаў нарадзілася ў адказ на глыбокі разрыў у інтэрпрэтацыі падзей у Беларусі падчас прэзідэнцкіх выбараў на прыканцы 2010 года дзяржаўнымі і незалежнымі СМІ. Першы выпуск газеты-коміксу выйшаў у пачатку лютага 2011 г. і распавядаў непасрэдна гісторыю выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Грунтуючыся на пазітыўных водгуках чытачоў газеты як у Беларусі, так і за мяжой, і з прычыны бесперапынных палітычных рэпрэсій у краіне, аўтар прыняла рашэнне працягваць публікацыю газеты.
Над другім выпускам графічнай навелы “Пераканаўчая перамога: дзве гісторыі, як гэта было на самой справе” разам з Марынай Напрушкінай працавалі Джошуа Роўі, Гульнара Насырава, Вольга Капенкіна і Тобіас Вайман.
Навела выдаецца на ангельскай і рускай мовах.